ЛІ СЮЧЭ́Н (1823—7.8.1864),

адзін з кіраўнікоў Тайпінскага паўстання 1850—64 у Кітаі. Далучыўся да тайпінаў у 1851, з 1859 адзін з іх кіраўнікоў. У 1858 нанёс паражэнне (сумесна з Чэнь Юйчэнам) урадавым войскам у раёне Саньхэ, у 1860 адбіў іх наступ на сталіцу тайпінаў г. Нанкін. Двойчы (1860, 1862) беспаспяхова спрабаваў авалодаць г. Шанхай. У 1863—64 кіраваў абаронай Нанкіна, пасля падзення якога (ліп. 1864) узяты ў палон і пакараны смерцю. У турме напісаў «Сведчанні», якія з’яўляюцца важнейшай крыніцай па гісторыі тайпінскага паўстання.

Тв.:

Показания Ли Сю-чэна // Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)